Навагодняе віншаванне 2024

Белавешкіны віншуюць вас з Новым годам! Жадаем вам напоўніць год багацьцем і ўдзячнасьцю, трапятаньнем і глыбокай павагай да сьвету і лёсу.

Будзьце як скульптар і як глыба мармуру адначасова. Пазбаўляйцеся ад лішняга, выяўляючы сутнасьць, як скульптар фармуе статую з выявы ў галаве і часта менавіта страта лішняга надае вам форму. Будзьце як ювелір, які зразае кавалкі каштоўнага каменя пры агранцы, каб той зазьзяў і зазіхацеў.

 


 

Няхай удары лёсу будуць ударамі каваля. Будзьце мэталам пад молатам каваля і кожны ўдар каваньня хай пазбаўляе вас ад шлакаў і хібаў — ад шлакаў слабасьцяў, шлакаў рэсэнтымэнта, шлакаў рускага сьвету, шлакаў нуды й шлакаў самаапраўданьняў, шлакаў баязьлівасьці, шлакаў залежнасьцяў. Хай удары не ламаюць, а высякаюць іскры, якія запальваюць вас.

Няхай руціна стане для вас марскім прыбоем, які ператварае няроўныя камяні ў ідэальныя галькі, хай таксама шліфуецца і ваш характар. Няхай пяшчынкі, якія трапляюць да нас, становяцца ядрамі пярлін, як робіць гэта вустрыца.

Няхай воля да жыцьця будзе як у яшчаркі, якая адкідае хвост, каб захаваць жыцьцё, як у ваўка, гатовага адгрызьці лапу, каб выратавацца з капкану. Не будзьце страўсам, які хавае галаву ад рэальнасьці — важна не хавацца ад страхаў і жаданьняў, а глядзець ім у твар — і пераканаецца, што ўцякаючы, вы становіцеся ўразьлівей, ідучы насустрач — бачыце як з кожным крокам насустрач страхі памяншаюцца.

Хай камяні, якія ляцяць у вас, служаць для ўзьвядзеньня сьцяны ці брукаваньні дарогі, ламачча, якое ляціць у вас, служыць палівам вашаму агню. Гарыце ярка — бо вецер задзімае слабы агонь і разьдзімае моцны. А калі вы згарэлі, то пішыце вугалем новы плян, адраджайцеся з попелу як фэнікс.

Хай вецер не зрывае нам дах, а выдзімае смутак, сушыць сьлёзы, напаўняе ветразі і круціць жорны млыноў. Захоўвайце чысьціню розуму і памятайце, што вада па-за караблём, нават цэлы акіян, не страшная, страшная вада, калі пранікае ўнутар карабля. Шчасьлівага плаваньня!